У парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат) аднавіліся святыя місіі. Іх правялі з 29 кастрычніка па 1 лістапада айцы рэдэмптарысты Эдвард Пяцельчыц і Андрэй Урублеўскі.
Місіі праводзіліся для таго, каб іх удзельнікі маглі паглыбіць разуменне праўдаў веры і каштоўнасці супольнай і асабістай малітвы. Гэты час быў прысвечаны разважанню над разнастайнымі праблемамі ў жыцці хрысціяніна, пошукам у іх Божай волі і яе выконваннем.
На працягу чатырох дзён вернікі, нягледзячы на шматлікія восеньскія справы, накіроўваліся ў святыню, каб паўдзельнічаць у гістарычнай для парафіі падзеі і пачуць штосьці важнае для сябе.
Напачатку місіянеры заахвоцілі вернікаў узгадаць абяцанні, якія яны далі Богу ў мінулым годзе, і прапанавалі нанова запрасіць Яго ў сваё жыццё. Кожны дзень місій быў прысвечаны асобнай тэме.
У першы дзень – нядзелю – пасля святой Імшы адбылася катэхеза для дарослых.
На сустрэчы прысутнічала цікавая госця, якая распавяла пра свой асабісты шлях да малітвы, які праходзіў праз розныя этапы жыцця.
Панядзелак сустракаў парафіян тэмай “Калі чалавек памірае”. Было шмат разважанняў пра адносіны хрысціян да смерці, айцы рэдэмптарысты прыводзілі розныя жыццёвыя прыклады, каб кожны прысутны мог задумацца аб гэтай падзеі.
Пасля Эўхарыстыі адбылося набажэнства за памерлых. Парафіяне мелі магчымасць памаліцца за родных і блізкіх, асабліва тых, хто пакінуў зямны шлях на працягу года – з часу мінулагодніх місій. Увечары адбылася сустрэча “Школа малітваў”, на якой вернікі вучыліся прыносіць просьбы Богу, маглі паглыбіцца ў малітву, даведацца пра яе крыху болей.
У аўторак на супольнай сустрэчы сабраліся моладзь, дзеці і іх бацькі. Тэмай дня было Сэрца Пана Езуса. Айцы рэдэмптарысты вельмі даступна і змястоўна тлумачылі пра любоў Езуса, Яго магутнае Сэрца, заўсёды адкрытае, якое з’яўляецца, як было падкрэслена, знакам любові да кожнага чалавека. Пробашч кс. Дзяніс Крываносаў SAC зачытаў Акт прысвячэння парафіі Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.
Вернікі прынеслі на Імшу абразы Сэрца Езуса, якія былі асвячаны. У канцы літургіі кожны змог атрымаць асабістае благаслаўленне сваім абразом.
Увечары адбылася другая сустрэча “Школа малітваў”. На ёй парафіяне вучыліся праслаўляць Бога, ахвотныя маглі падысці да мікрафона і прамовіць словы праслаўлення Пана, якія ішлі ад сэрца.
Серада сустрэла вернікаў тэмай “Трываласць у пастановах”. Рэдэмптарысты прапанавалі прысутным шмат разважанняў. Таксама яны засяродзілі ўвагу на маці як галоўнай асобе ў жыцці чалавека і на Маці Божай, адзначыўшы, што як для маці важнае яе дзіця, якое яна ніколі не дазволіць пакрыўдзіць, так для Маці Божай важны кожны з нас.
Акрамя таго, падчас місій адзначылі юбілей 55-годдзя сужэнства парафіян Дамініка і Яніны.
Вернікі вельмі ўдзячныя айцам Эдварду і Андрэю за аднаўленне місій і прысвячэнне часу парафіяльнай супольнасці Шчучына. Інфармацыя і разважанні, якімі былі насычаны ўсе гэтыя дні, былі карыснымі для парафіян, дапамагаючы чэрпаць усё самае неабходнае для ўзмацнення веры.