Лета - гэта тры месяцы цёплага, радаснага адпачынку, які для дзяцей парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе распачаўся 6 чэрвеня ў касцёльным лагеры.  Малыя парафіяне правялі гэты час весела, карысна, але самае галоўнае - з Богам.

 

Дзеці прымалі актыўны ўдзел у штодзённай святой імшы, у набажэнстве “Вяночак да Божай міласэрнасці”, а таксама ў занятках па рэлігіі, якія праводзілі с.Наталля Пецкялюн SAC, с. Вольга Рынкевіч SAC. Каля пяцідзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад чатырох да адзінаццаці гадоў змаглі рэалізаваць сябе як творчыя асобы ў гуртках, дзе яны навучыліся іграць на гітары (гурток “Гітара”), майстраваць розныя цуды з паперы (гурток “Умелыя ручкі”), размаўляць па-польску (гурток “Вывучаем польскую мову”), удасканальваць навыкі міністрантаў (гурток “Мы міністранты”, які праводзіў кс.Дзяніс Крываносаў SAC). Гульні ў футбол, конкурсы, майстар-класы па прыгатаванні кексаў...А калі да ўсяго гэтага дадаць добры настрой, які быў ва ўсіх удзельнікаў лагера, то адпачынак атрымаўся на славу.