24 красавіка ў санктуарый Божай Міласэрнасці ў Воранаве былі ўрачыста ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, назарэтанак з Навагрудка. Рэліквіі сясцёр-мучаніц, расстраляных фашыстамі падчас II Сусветнай вайны, перадала парафіі Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

 Адпустовую ўрачыстасць у санктуарыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Перад літургіяй іерарх асвяціў адноўлены крыж каля воранаўскага касцёла.

У святыні, дзе жывы культ Езуса Міласэрнага, абраз якога знаходзіцца ў галоўным алтары, сабраліся шматлікія парафіяне і госці. Прыбылі таксама пілігрымы з іншых месцаў і з суседняй Літвы. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком.

Удзельнікі Імшы супольна маліліся ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, а таксама ў кожнай сям’і і кожным чалавечым сэрцы.

Усіх прысутных прывітаў пробашч кс. Анджэй Вітэк SAC, ініцыятар таго, каб у парафіі з’явіліся рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак. Святар адзначыў, што самы вялікі акт любові – аддаць сваё жыццё за іншага чалавека. Ён дадаў, што ўнясенне рэліквій сімвалічна адбылося ва ўрачыстасць Божай Міласэрнасці, а сёстры-мучаніцы будуць нагадваць мясцовым вернікам, што варта аддаваць сябе дзеля дабра бліжняга і служыць адзін аднаму.

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юрый Марціновіч падкрэсліў, што найвялікшая прыкмета Бога – міласэрнасць. Ён дадаў, што Езус, як калісьці хадзіў вуліцамі Назарэта, так і сёння крочыць вуліцамі нашых гарадоў і вёсак, раздаючы людзям свае дары і ласкі.

Па словах святара, Міласэрны Езус жадае даць кожнаму чалавеку без выключэння свае шчодрыя дары, дастаткова толькі адкрыцца на Божае дзеянне.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі выказаў усім прысутным удзячнасць за шматлікі ўдзел у літургіі. Кажучы пра ўнясенне рэліквій, іерарх падкрэсліў, што трэба вучыцца ў благаслаўлёных мучаніц аддаваць сваю любоў іншаму чалавеку і быць вернымі Богу да канца.

Біскуп заахвоціў прасіць добрага Бога праз заступніцтва гераічных сведкаў веры, якія падчас Другой сусветнай вайны аддалі сваё жыццё, аб дары міру для кожнай сям’і, усяго свету і нашай краіны.

Урачыстасць завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога біскуп даручыў Пану воранаўскую парафію і Касцёл на Гродзеншчыне.

 Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, Фота: с. Наталля Дремо SAC