20 верасня адзначалася 25-годдзе служэння айцоў палатынаў у парафіі Св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве (Гродзенская дыяцэзія). У святкаванні прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Усё для бясконцай Хвалы Божай...» 25 год таму гэтыя словы прывялі на зямлю сучаснай Беларусі айцоў-палатынаў. Супольнасць палятынаў працуе ва ўсім свеце. На тэрыторыі Беларусі яна налічвае 12 айцоў.  Служаць яны ў Воранаве, Германішках, Бярозе, Жлобіне, Талачыне, Мінску.

Падчас Імшы Мітрапаліт нагадаў у гаміліі  пра тыя часы, калі пачыналася адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў ганенняў і калі палатыны прапанавалі сваю дапамогу і пачалі працу ў Воранаве.

Разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, арцыпастыр звярнуў увагу, што яно ўздымае «вельмі вялікую праблему, з якой мы сустракаемся ў штодзённым жыцці, — праблему першынства», бо апосталы спрачаліся паміж сабой, хто з іх будзе большы ў Божым Валадарстве.

«Езус адказаў вельмі проста — што першым будзе той, хто з’яўляецца апошнім і слугой усіх», — нагадаў арцыбіскуп і дадаў, што прыкладам можа служыць Панна Марыя, якая «была паслухмяная Божай волі і стала слугой Бога і бліжняга», «імкнулася не валадарыць, але служыць».

«Гэта рэцэпт таго, як быць вучнем Хрыста. Аднак пры гэтым неабходна памятаць і аб тым, што заклік да пакоры і служэння іншым не азначае, што мы не павінны мець свайго меркавання па тым ці іншым пытанні, асабліва баронячы хрысціянскія каштоўнасці, што вельмі важна ў наш час, — падкрэсліў іерарх. — Мы павінны прыпадабняцца не свету, але Хрысту. Не павінны плыць па цячэнні секулярнага свету, але супраць яго».

Мітрапаліт дадаў, што любоў Хрыста з’яўляецца «маторам дзейнасці палатынаў». «Мы сапраўды любім Бога толькі тады, калі жывём у адпаведнасці з Божым правам. А гэта адна з найбольш актуальных праблем сучаснасці, — заўважыў арцыпастыр. — Свет жыве так, як быццам Бога няма або Ён памёр. Гэта пацвярджае штодзённае жыццё. Маральныя нормы забываюцца і нават высмейваюцца».

«Праблема ў тым, што чалавек парушыў Богам устаноўлены парадак, — адзначыў Мітрапаліт. — Дадзеная Богам інструкцыя для нашага паспяховага жыцця не можа быць парушана, а калі так здарылася, неабходна як мага хутчэй вярнуцца да яе. Бог не памёр і жыве, і нам неабходна будзе перад Ім здаць справаздачу з нашага жыцця, справаздачу з таго, ці жылі мы паводле дадзенай Ім інструкцыі, гэта азначае паводле Ягонага закону».

Віншуючы айцоў палатынаў з сярэбраным юбілеем працы ў Воранаве, арцыпастыр пажадаў ім Божага благаслаўлення, апекі Марыі, а таксама таго, каб іх служэнне прынесла багаты духоўны плён, каб любоў Хрыста ахапіла ўсіх, да каго яны пасланы, і каб дзякуючы іх служэнню «людзі жылі паводле Божай інструкцыі — маральнага закону, як гарантыі шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці».

На сённяшні дзень супольнасць палатынаў вядзе душпастырскую працу ў розных накірунках: выпускае газеты, брашуры, арганізуе пілігрымкі. Ксяндзы выкладаюць у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. У гэтым годзе яны атрымалі дазвол наведвання хворых у шпіталях.